Мы не выбіраем час, у які нам жыць, але мы выбіраем шлях, які мы мусім прайсці.
Віктар Бабарыка
Вступить в партию
Аргкамітэт
Мы выбралі шлях. Мы, прыхільнікі Віктара Бабарыкі і паплечнікі Марыі Калеснікавай, яднаемся ў партыю новага тыпу «Разам» і збіраем людзей, якія падзяляюць нашае бачанне будучыні Беларусі — свабоднай і багатай краіны, дзе рэалізуюцца таленты. Партыя новага тыпу «Разам» Віктара Бабарыкі — партыя неверагодных людзей, патрыётаў Беларусі.

За кароткі тэрмін аблічча Беларусі змянілася дзякуючы яе людзям. Беларусы пачалі паказваць грамадзянскі тэмперамент, паверылі ў сябе і адзін у аднаго, сталі ўзорам для ўсёй сусветнай супольнасці. Галоўны рэсурс Беларусі — гэта яе грамадзяне. Нам больш не трэба шукаць самавызначэнне — мы ведаем, хто мы, якія мы і што мы можам. Беларусы ўмеюць самаарганізоўвацца, браць адказнасць, дапамагаць, знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, належным чынам выкарыстоўваць свае веды і розум. Мы не баімся пераменаў, а імкнёмся развіваць сябе і свет навакол, бо ведаем, што гэтыя перамены — да лепшага.

Партыя «Разам» — гэта лагічны працяг саюзу беларусаў. Мы аб'ядноўваем прыхільнікаў нашых прынцыпаў і, што самае важнае, мы ведаем, як ператварыць гэтыя прынцыпы ў жыццё.
Мы ствараем партыю «Разам», каб
усё змяніць да лепшага

Мы ствараем партыю новага тыпу. Што гэта значыць? Партыя новага тыпу – гэта сучасная структура. Разам мы выкарыстаем веды і падыходы для эфектыўнага вядзення бізнесу, IT-індустрыі, развіцця паспяховых грамадзянскіх праектаў, творчасці. У партыі новага тыпу яшчэ менш іерархіі, але больш месца для супольных рашэнняў, дэмакратыі, лічбавізацыі. Мы хочам, каб больш беларусаў абмяркоўвалі лёсы краіны, а іх меркаванне ўлічвалася.

Калі ў нашай краіне праходзяць выбары — мы павінны браць у іх удзел, калі змяняюцца законы — яны павінны ўлічваць нашыя інтарэсы. Калі дзяржава не можа эфектыўна працаваць — мы пакажам як.

Мы будзем дамагацца прыняцця важных законаў і скасавання несправядлівых, мы будзем дамагацца выканання законаў уладай. Мы будзем дыскутаваць са службоўцамі, настойваць на скасаванні прывілеяў і вяртанні раўнапраўя ў дачыненні да грамадзянаў незалежна ад іх палітычных паглядаў. Мы будзем патрабаваць празрыстай працы судовых і праваахоўных органаў. Мы будзем выражаць сваю нязгоду ўсімі законнымі спосабамі.

Мы хочам разам распрацаваць праграму палітычнай і грамадскай трансфармацыі нашай краіны і рэалізаваць яе таксама разам. Мы хочам, каб у Беларусі з'явілася новая ўлада, якая будзе чуць народ і служыць яму. Мы хочам пабудаваць краіну, якой будзем ганарыцца.

Як мы бачым Беларусь будучыні
Калі звузіць выяву Беларусі будучыні да трох патрэбных параметраў — гэта дабрабыт, павага і бяспека.

Беларусь, у якой мы ўсе будзем жыць, — гэта краіна, паспяховая сярод сяброў і партнёраў у свеце. Яна на роўных супрацоўнічае з вядучымі краінамі. Яна адкрытая свету, карыстаецца ягонымі дасягненнямі і дадае ў яго свае. У Беларусі жыве заможны народ, і таму яна — заможная краіна. У Беларусі будучыні выкарыстоўваюцца самыя апошнія тэхналагічныя дасягненні для паляпшэння жыцця людзей. Дзяржава ў гэтай краіне — памочнік, яе функцыя — спрыяць людзям і працаваць на людзей, а не наадварот. Свабода, павага, правы чалавека, бяспека, дабрабыт і клопат аб здароўі і жыцці кожнага грамадзяніна — найвышэйшыя каштоўнасці ў гэтай краіне.

Нашая агульная будучая Беларусь — дзяржава, дзе шануюць права і закон, дзе дакладна падзеленыя абавязкі і паўнамоцтвы розных органаў улады, суды незалежныя, а службоўцы падпарадкоўваюцца абраным прадстаўнікам народа, за якіх мы разам галасавалі на сумленных і празрыстых выбарах. Дзяржава працуе ў сістэме балансаў і процівагаў, якія не дазваляюць каму-кольвек прыўлашчыць краіну. А па тэлевізары, у сацсетках і газетах — кажуць праўду.
Мы пройдзем гэты шлях перамен да лепшага разам.

Маніфест будучай партыі «Разам»
What will this
lead to?
What will this
lead to?
FAQ
Кантакты
Кантакты

© 2020-2023 Партыя «Разам»